Вход    
Логин 
Пароль 
Регистрация  
 
Блоги   
Демотиваторы 
Картинки, приколы 
Книги   
Проза и поэзия 
Старинные 
Приключения 
Фантастика 
История 
Детективы 
Культура 
Научные 
Анекдоты   
Лучшие 
Новые 
Самые короткие 
Рубрикатор 
Персонажи
Новые русские
Студенты
Компьютерные
Вовочка, про школу
Семейные
Армия, милиция, ГАИ
Остальные
Истории   
Лучшие 
Новые 
Самые короткие 
Рубрикатор 
Авто
Армия
Врачи и больные
Дети
Женщины
Животные
Национальности
Отношения
Притчи
Работа
Разное
Семья
Студенты
Стихи   
Лучшие 
Новые 
Самые короткие 
Рубрикатор 
Иронические
Непристойные
Афоризмы   
Лучшие 
Новые 
Самые короткие 
Рефераты   
Безопасность жизнедеятельности 
Биографии 
Биология и химия 
География 
Иностранный язык 
Информатика и программирование 
История 
История техники 
Краткое содержание произведений 
Культура и искусство 
Литература  
Математика 
Медицина и здоровье 
Менеджмент и маркетинг 
Москвоведение 
Музыка 
Наука и техника 
Новейшая история 
Промышленность 
Психология и педагогика 
Реклама 
Религия и мифология 
Сексология 
СМИ 
Физкультура и спорт 
Философия 
Экология 
Экономика 
Юриспруденция 
Языкознание 
Другое 
Новости   
Новости культуры 
 
Рассылка   
e-mail 
Рассылка 'Лучшие анекдоты и афоризмы от IPages'
Главная Поиск Форум

Уладзімір Шыцік - Шыцк - Сустрэча

Проза и поэзия >> Литература ближнего зарубежья >> Белорусская литература >> Уладзімір Шыцік
Хороший Средний Плохой    Скачать в архиве Скачать 
Читать целиком
Уладзімір Мікалаевіч Шыцік. Сустрэча

---------------------------------------------------------------------

У.Шыцік. "У час не вярнуліся", "Мастацкая літаратура", Мінск, 1975

OCR & SpellCheck: Zmiy (zmiy@inbox.ru), 20 ліпеня 2003 года

---------------------------------------------------------------------



     Пройдзе час, з зямных касмадромаў возьмуць старт вялізныя зоркалёты і накіруюцца да далёкіх галактык.

     Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным стагоддзі, магчыма, значна пазней. Але наша мара не хоча чакаць, мы ўжо цяпер хочам ведаць, што напаткае бясстрашных астралётчыкаў у бясконцай прасторы. Аб іх прыгодах, лёсе і знаходках расказваецца ў гэтым зборніку фантастычных апавяданняў.


     На стук адказала цішыня. Пасько пачакаў хвіліну і зноў паднёс руку да дзвярэй. Але, не дацягнуўшыся да іх, апусціў. Ён уявіў сабе высокую фігуру капітана, схіленую над сталом, нахмураны лоб, позірк, затуманены болем страты, і адступіў.

     Іх засталося пяцёра - Пунтус і Марцаліс на "Валдай" не вярнуліся, усе тэрміны скончыліся яшчэ ўчора. І тады чацвёра з экіпажа прыйшлі да капітана і папрасілі паслаць іх на пошукі.

     Капітан выслухаў іх і сказаў, што падумае. Пасько ведаў, аб чым ён будзе думаць: сітуацыя ж паўтарылася. Калі не вярнуўся Пунтус, да капітана яны хадзілі ўпяцёх. На пошукі быў пасланы Марцаліс. І ён таксама не вярнуўся. Двое з сямі ды яшчэ аварыя рухавіка - гэта ўжо бадай катастрофа. Пасько разумеў ваганні капітана - той хацеў адрамантаваць рухавік і вярнуць "Валдай" на Зямлю. Але ён разумеў і іншае: ніхто з іх, у тым ліку і капітан, не даруе сабе, калі не даведаецца, што здарылася з таварышамі.

     Выклік да капітана прагучаў па ўнутранай сувязі як сігнал трывогі. Ён застаў Пасько на тым жа месцы - ля дзвярэй. Пачакаўшы секунду-другую, Пасько рашуча пераступіў парог.

     - Сядай, - не пачынаючы размовы, капітан паказаў на крэсла.

     Увайшлі і астатнія члены экіпажа.

     Капітан узняў галаву і доўгім пільным позіркам абвёў сваіх таварышаў.

     - Што будзем рабіць? - спытаў ён.

     - Шукаць!

     Капітан у знак згоды схіліў галаву. Агледзеўшы свой парадзелы экіпаж, сказаў:

     - Паедзе Пасько. - Падумаўшы, дадаў: - Ён - апошні.

     Толькі зараз Пасько зразумеў, чаго каштавала капітану гэтае рашэнне. Ён неяк аж пастарэў за апошнія суткі, яго доўгая фігура здавалася яшчэ даўжэйшай, а вакол вачэй густой сеткай паглыбелі маршчынкі.

     З каюты капітана ўсе выходзілі моўчкі. І Пасько ведаў прычыну. Кожны з іх аддаў бы жыццё, ратуючы таварышаў, і таму ніхто не мог згадзіцца, што ў выпадку яшчэ адной няўдачы ім прыйдзецца вяртацца. Але яны разумелі і тое, што, прымаючы рашэнне, капітан браў на сябе не толькі вялікую адказнасць. Ратуючы іх, жывых, ён ужо ніколі не зможа апраўдацца і перад тымі, мёртвымі, якія, можа, жывуць і чакаюць дапамогі, і перад сваім сумленнем.

     Збіраючыся ў дарогу, Пасько думаў, што, напэўна, капітан усё-такі дапусціў памылку. Не цяпер. А тады, калі адправіў першага разведчыка - аднаго, а не двух. Магчыма, удвух яны лепш арыентаваліся б, сустрэўшы небяспеку, што чакала іх у катлавіне. Капітан паспадзяваўся, мабыць, на ахоўныя здольнасці аўтаматаў, бо, павагаўшыся, катэгарычна сказаў, што паедзе адзін разведчык. Але аўтаматы, здаецца, не апраўдалі яго спадзяванняў.

     Катлавіна пачыналася з раўніны, на якой зрабіў пасадку "Валдай". Ад карабля да яе было каля чатырохсот кіламетраў. Сама па сабе яна не зацікавіла б касманаўтаў, як і ўвесь Бальдар - гэта сіняя планета, пазбаўленая атмасферы і якіх-небудзь прыкмет жыцця. Для іх ён быў толькі часовай пасадачнай пляцоўкай. Але, аблятаючы Бальдар, у катлавіне яны заўважылі сігарападобнае цела, якое вельмі нагадвала зямныя зоркалёты ранняй касмічнай эпохі.

     Пасько выехаў на ўсюдыходзе, калі яшчэ была ноч.

     Электронны вадзіцель вёў усюдыход плаўна, амаль без штуршкоў. Нават здавалася, што наогул няма ніякага руху. І тады Пасько, паглядаючы на яркія аднастайныя зоркі чужога неба, уяўляў сябе ў кабіне касмічнага карабля, які згубіўся ў бясконцай прасторы. Выбіраючы зручную дарогу, электронны вадзіцель рабіў паварот, усюдыход уздрыгваў, і тады Пасько вяртаўся да думак аб сваім становішчы.

     Ён не баяўся. Яму толькі хацелася хутчэй разабрацца, што ж усё-такі здарылася з таварышамі.

     Перад выездам ён разам з капітанам яшчэ раз прагледзеў здымкі катлавіны. Усё тое ж самае: у непрыступных скалістых гарах, навіслых над абрывам, узвышаўся бліскучы сігарападобны прадмет з купалам наверсе.

     - Думаеш, зямны? - спытаў тады Пасько.

     - Хутчэй за ўсё, - адказаў капітан. - Падабенства вялікае.

     Пасько здалося, што ён хацеў нешта сказаць яшчэ, але не сказаў і, развітваючыся, толькі кіўнуў галавой.

     Вяршыні гор святлелі - пачынаўся дзень. А тут, у катлавіне, беспрасветная цемра на кожным метры яшчэ супраціўлялася халодным праменням ранішняга бальдаравага сонца, якія нібы сцякалі з гор.

     Серабрысты купал быў на ранейшым месцы, вытыркаючыся з-за кальца скалістых пікаў. Ад увахода ў катлавіну да гэтага купала заставалася кіламетраў пяць. Пасько навёў тэлеўстаноўку. На экране ружовымі іскрамі ўспыхнулі скалы і сярод іх - купал. Нерухомы, як манумент, як помнік. Пасько падумаў, што, напэўна, і яго сябрам гэты зоркалёт здаваўся своеасаблівым помнікам узлёту чалавечага розуму. І раптам першае сумненне, яшчэ няяснае і слабае, варухнулася ў яго галаве, пасеяўшы ў сэрцы трывогу.

     Далей дарогі не было, бо побач стаялі яшчэ два ўсюдыходы, пакінутыя тут Пунтусам і Марцалісам. Пасько выключыў рухавік, зразумеўшы, што далей давядзецца ісці пехатой.

     Перш чым пайсці, ён зноў паглядзеў на купал. Малюнкі падобных зоркалётаў ён помніў з падручнікаў, па якіх некалі вучыўся ў штурманскай школе. Гэта, несумненна, быў зоркалёт, пабудаваны на Зямлі. Адна з першых мадэлей, здольная развіваць субсветавую хуткасць, пабудаваная амаль дзвесце гадоў назад. Дзвесце гадоў! Халодныя мурашкі пабеглі ў Пасько па спіне. Ён нібы дакрануўся да сівой мінуўшчыны, якая выпадкова прыадкрыла перад ім адну са сваіх трагічных старонак.

     Першым жаданнем было кінуцца да знаходкі. Ён ужо быў зрабіў некалькі крокаў, але авалодаў сабой і спыніўся. Гэты ж самы купал бачылі і Пунтус з Марцалісам. Яны, мабыць, таксама адразу ж кінуліся да зоркалёта, не радзіраваўшы папярэдне на "Валдай". Чаму? Адзін з іх быў пілот, другі - інжынер. Яны, відаць, пазналі зоркалёт, можа, нават нешта аб ім ведалі і не палічылі патрэбным паведаміць капітану. Што яны ведалі пра зоркалёт?

     Пасько вярнуўся да машыны, закадзіраваў пытанне і, стрэліўшы ракетай, якая вынесла ўгару зонд-антэну, перадаў дэпешу на "Валдай". Адказ-радыёімпульс прыйшоў роўна праз тры хвіліны. А яшчэ праз пятнаццаць секунд Пасько прачытаў: "Зоркалёт сістэмы КЗСХ. Два не вярнуліся адпаведна 186 і 172 гады назад. Першы ляцеў да Альфы Цэнтаўра, другі - да Сірыуса".

     Гэтыя звесткі не вельмі праяснілі абстаноўку. Тое, што зоркалёт не вярнуўся на Зямлю, відавочна і так. Трэба было спадзявацца толькі на сябе. І Пасько зноў пачаў думаць, што ж рабілі яго таварышы далей. Хутчэй за ўсё, пазнаўшы зямны зоркалёт, яны паспяшаліся дайсці да яго. Гэта зусім зразумелы парыў, але іменна ў ім, магчыма, і таілася сама небяспека.

     Горы, стромкія і велічна спакойныя, высачэзнай сцяной дыбіліся на тым баку катлавіны. Ні Пунтус, ні Марцаліс не паспелі б да іх нават дабрацца за такі час, ды ў гэтым не было патрэбы. Іх шлях, безумоўна, ляжаў да зоркалёта - праз плато, пасечанае скаламі і расколінамі. Толькі тут іх і трэба шукаць.

     Узваліўшы на плечы скрынку з радыёперадатчыкам і запасам зондаў-антэн і прычапіўшы да пояса плазменны нож, які пры выпадку мог паслужыць і зброяй, Пасько з лакатарным шукальнікам у руках рушыў напрасткі праз плато да цясніны.

     На нейкі час серабрысты купал знік з вачэй, заслонены каменным эскарпам. Пасько апынуўся ў цемры, прыцішыў хаду і з зайздрасцю глядзеў на ружовыя вяршыні. Ліхтар даваў мала карысці, ён асвятляў толькі маленькі кружочак пад нагамі. Пасько падумаў, што, можа, недзе побач, у якой-небудзь расколіне і знайшлі свой апошні прытулак яго таварышы, спяшаючыся, як і ён, да зоркалёта.

     Нарэшце святло пранікла і ў цясніну. Наўкола ўсё заіскрылася мірыядамі кропелек-вясёлак. Пасько аж зажмурыўся. Калі яго вочы пад акулярамі светафільтраў прывыклі да яркага святла, ён узабраўся на бліжэйшы выступ і ўважліва агледзеў наваколле. Таварышы маглі ісці толькі гэтым шляхам, бо абочыны былі зусім непраходныя. Але нішто яму не нагадвала, што тут калі-небудзь праходзіў чалавек, - нікім не кранутая цаліна, маўклівыя суровыя каменні...

     Пасько пералічыў запас зондаў-антэн і, падумаўшы, паслаў на базу сігнал: "Нічога новага". Атрымаўшы адказ, уздыхнуў і пайшоў далей.

     Зоркалёт адкрыўся раптоўна, як толькі цясніна перайшла ў катлавіну. Да яго заставалася метраў шэсцьсот, бадай, яшчэ больш няроўнага і небяспечнага шляху. Пасько не адрываючыся глядзеў на горды профіль зоркалёта, што схіліўся вунь там, над безданню, і, нават нахілены, захаваў імклівасць сваіх ліній. Якая прыгажосць! Пасько мімаволі захапляўся тварэннем чалавечага генія і адчуваў, як раптоўны прыступ тугі сціскае сэрца.

     Зоркалёт выглядаў як жывы, але смяртэльн'а паранены асілак. Бліскучая металічная абшыўка там-сям не вытрымала выпрабаванняў прасторы - чужая атмасфера, метэарыты пакінулі свае адбіткі на яго некалі люстраной паверхні.

     Пасько перабраўся на суседнюю скалу, панарама агляду павялічылася. Зоркалёт стаў бачны амаль да кіля. І Пасько заўважыў тое, што дагэтуль было схавана ад яго і што ўразіла яго да глыбіні душы. Вузкая трэшчына чорнай змяёй паўзла па корпусе знізу ледзь не да палавіны цела карабля. Гэта, напэўна, і азначала катастрофу. Мо даўнюю, а мо і зусім нядаўнюю.

     Зноў яго першым парывам было бегчы як найхутчэй да карабля. І зноў Пасько прымусіў сябе стрымацца. Пунтус і Марцаліс нібы стаялі перад яго вачыма. Ён падумаў, што тыя, напэўна, пабеглі да яго напрасткі. Гэта было лагічна. Але яны не ведалі, што не вернуцца. А ён гэта ведаў і абавязан быў узважваць кожны крок.

     Пасько прысеў на камень, зменшыў напружанне электрычнага ацяпляльніка ў скафандры. Свежы струмень халоднага кіслароду абсушыў спацелы лоб, стала крыху лягчэй. Пасько пачаў думаць больш разважліва. Ён дапускаў, што з абодвума яго таварышамі магло здарыцца выпадковае няшчасце. Аднак іх рацыі, забяспечаныя моцным ахоўным панцырам, маючы аўтаномнае энергетычнае жыўленне, павінны дзейнічаць яшчэ некалькі соцень гадзін. Хваля - вядомая. Такая ж, як і ў яго. І на ёй цяпер няма ніводнага гуку. Няўжо нешта затрымлівае хвалі?

     У Пасько былі дзве магчымасці, каб распачаць пошукі. Адна, больш пэўная, - пайсці да зоркалёта, другая - агледзець мясцовасць вакол карабля. Ён быў упэўнены, што з зоркалёта пачыналі таварышы, прынамсі, адзін з іх, хутчэй за ўсё Пунтус, першы. Пунтус не вярнуўся. Гэта павінна было насцярожыць Марцаліса, і той, асцерагаючыся чагосьці невядомага і небяспечнага, напэўна, не пайшоў напрасткі, а выбраў кружны шлях - больш доўгі і больш пэўны. І таксама не вярнуўся. Значыць, любая дарога хавае роўную долю пагрозы. Пасько ўздыхнуў і пайшоў напрасткі.

     Нялёгка было заўважыць сляды каго-небудзь з касманаўтаў у гэтым каменным гушчары. Позірк мімаволі накіраваўся ў бок горнага хрыбта. Зараз пад яркімі праменнямі ён здаваўся намнога прыгажэйшым, чым тады, калі яго Пасько бачыў з раўніны. У беспаветраным асяроддзі скалы былі на дзіва рэльефныя, без паўценяў, афарбаваныя ў дзівосныя колеры. Любуючыся імі, Пасько, аднак, не забываў, што за гэтым хараством таілася нешта яшчэ, і пра гэта ён не меў права забывацца.

     Да зоркалёта было недалёка. Каб не бачыць трэшчыны ў корпусе, якая напамінала аб аварыі, Пасько крыху збочыў улева. Адсюль карабель здаваўся амаль цэлым, гатовым да скачка ў бязмежныя прасторы Сусвету. Пасько закрочыў хутчэй, нібы і сапраўды баяўся спазніцца на старт.

     Каменныя нагрувашчванні сустракаліся ўсё часцей, пераходзілі ў суцэльныя завалы. Па выступах у скалах, штохвілінна саслізгваючы нагамі, ён ледзь узабраўся на вяршыню каменнай грады. Аддыхаўшыся, асцярожна высунуў галаву і не ўтрымаўся, падхапіўся. Зусім недалёка, тулячыся да падножжа высокага ўцёса, нібы хаваючыся, ляжаў чалавек, апрануты ў скафандр. Пасько бачыў толькі яго ногі.

     Не выбіраючы дарогі, Пасько скаціўся ўніз і падбег да чалавека. Гэта быў Марцаліс. Як жывы, хаця шлем яго быў адкінуты. Пасько павярнуў таварыша на спіну. На твары, у шырока расплюшчаных вачах Марцаліса застылі боль, раптоўны спалох і яшчэ штосьці такое, чаго ніяк нельга было зразумець. На целе ніякіх слядоў, якія маглі б растлумачыць, чаму адкінуты шлем.

     Зняможаны, Пасько прыхіліўся да скалы. Тысячы пытанняў бліскавіцамі праціналі мозг. Атрымлівалася нешта неверагоднае: спачатку Марцаліс памёр, а потым узяў і адкінуў шлем і тым самым аўтаматычна выключыў рацыю. Але гэтага, безумоўна, ён сам зрабіць не мог. Тады - хто?

     Толькі цяпер Пасько звярнуў увагу на запасныя кіслародныя балоны, якія ляжалі побач з Марцалісам. Яны былі з адкручанымі венцілямі - без газу. Падобна на тое, што некаму спатрэбіўся кісларод, і ён перагнаў яго па шлангу ў другія балоны.

     Думка апаліла Пасько, напалохала неверагоднасцю. Ён гнаў яе прэч, а яна лезла ў галаву, вырастаючы, засланяючы сабой усё астатняе. Пунтус пайшоў раней на цэлыя суткі. Яго кісларод ужо скончыўся. Пунтус?! Пасько аж зубамі заскрыгатаў ад злосці на сябе. Як ён мог хоць на імгненне дапусціць такое? Хіба Пунтус, з якім пройдзена столькі касмічных шляхоў, яго сябар, які заўсёды падстаўляў плячо дапамогі таварышу, мог рашыцца на гэта? А калі не ён, то хто? Іх тут было толькі двое - Марцаліс і Пунтус. Адчуваючы, што хутка і ён заблытаецца ў гэтай д'ябальшчыне, якая навалілася на яго, Пасько прысеў каля цела Марцаліса, пастараўся засяродзіць думку на ўбачаным.

     Надзея, з якой ён адпраўляўся на пошукі таварышаў, зменшылася напалавіну. Адзін загінуў. А другі, магчыма, яшчэ жывы. Можа, ён, Пунтус, натрапіўшы на труп Марцаліса, забраў яго поўныя балоны і цяпер недзе блізка, побач і чакае дапамогі? Пасько зноў вылаяў сябе: як гэта не прыйшло яму ў галаву раней? Ён нават закрычаў: "ПунтусІ Пунтус!"

     У шлемафоне ў адказ не пачулася ні гуку. Гэта трохі ахаладзіла ўзбуджанага Пасько. Ён пастаяў хвіліну над целам таварыша, потым, каб не згубіць гэтае месца, паставіў на скалу пусты кіслародны балон і пайшоў далей.

     Дзень увабраўся ў сілу. Сонца свяціла ярка і, напэўна, горача, бо там-сям трэскаліся скалы, бязгучна апаўзаючы ўніз па стромкіх схілах цясніны. Пасько ішоў асцярожна, стрымліваючы ўвесь час жаданне пераскочыць цераз расколіны, якія адна за адной трапляліся на яго шляху. Яны здаваліся вузкімі, той край блізкім. А кінеш камень, каб праверыць, і толькі тады зразумееш сапраўдную адлегласць і глыбіню - у беспаветранай прасторы ўсё выглядала падманлівым.

     Хутка зноў паказаўся корпус зоркалёта, да часу схаваны гарой. Сам не ведаючы чаму, Пасько насцярожыўся. Потым здагадаўся - Марцаліс ляжаў тварам да зоркалёта.

     З таго месца, дзе стаяў Пасько, можна было апусціцца ўніз у даліну, якой заканчвалася катлавіна. Можна было дабрацца таксама і да зоркалёта, да якога вёў вузеньк! карніз, навіслы над бяздоннем. Пасько ўжо вырашыў ісці па карнізу, як раптам заўважыў, быццам на зацененым баку ўспыхнуў і адразу згас слабы агеньчык. Пасько паморгаў вачыма, баючыся, што гэта яму здалося, і палез уніз.

     Ён быў упэўнены, што Пунтус там, і не вельмі сачыў за дарогай. І толькі азірнуўшыся, спыніўся як укапаны. Пад скалой, на якой узвышаўся зоркалёт, ляжаў Пунтус. Ён быццам аступіўся і пакаціўся, затрымаўшыся на момант на вострых каменнях. Але... І ў яго быў адкінуты гермашлем, як у Марцаліса.

     Пасько ахапіў жах. Усё, што ён убачыў тут, было падобна на нейкую страшэнную казку. Апошнія сумненні зніклі: побач з зоркалётам павінен быць нехта трэці. І, нібы пацвярджаючы яго думку, прыёмнік, аўтаматычна настроіўшыся, выхапіў з цішыні ўрывак фразы - невыразнае мармытанне. Голас быў бясстрасны, як нежывы.

     Пасько паслухаў яшчэ і з палёгкай уздыхнуў: робат. Усё тлумачылася вельмі проста. Аўтаматы надоўга перажылі экіпаж і прывялі зоркалёт на гэтую планету - яна трапілася на іх шляху выпадкова. Запраграміраваныя на дзеянне, робаты пакінулі карабель і разбрыліся. Адзін з іх уцалеў да гэтага часу. Толькі, відаць, нешта ў ім сапсавалася, бо, спачатку забіўшы людзей, ён потым спрабаваў дапамагчы ім і зрываў з іх гермашлемы, пускаў у твар струмень кіслароду.

     У галаве Пасько варухнулася думка - ці не вярнуцца назад? Агледзець зоркалёт - і на базу. А сапсаваны робат хай ужо дажывае свой век тут, у каменнай пустыні. Гэта было б самым простым і лёгкім, але Пасько ўсё жыццё баяўся іменна такіх рашэнняў.

     Тым часам робат зноў даў аб сабе знаць. Яго голас прагучаў амаль выразна. Відаць, ён быў ужо недзе побач. Пасько пазнаў англійскую мову, яму здалося, ён нават разабраў два знаёмыя словы: "...знайду цябе..." Ён не быў да канца ўпэўнены, што гэта іменна так. Але ж яму трэба было гаварыць зараз з робатам, якому не крыкнеш: "Што за сістэма аптымізатараў у тваім мозгу?" І Пасько, пакапаўшыся ў сваіх небагатых моўных запасах, знайшоў толькі:

     - Хэллоў, фрэнд!

     Мармытанне сціхла, быццам робат прыслухоўваўся ц! гадаў, хто б гэта мог яго аклікнуць. І раптам, раздзіраючы вушы, у шлемафоне загрукатала:

     - Га-га-га! Пачвара!

     Азадачаны Пасько не адразу знайшоўся і толькі пасля замінкі вымавіў:

     - Робат, я чалавек! Ча-ла-век!

     - Хэллоў, стары! І даўно?

     - Што даўно?.. - Пасько разгубіўся зноў.

     - Гэта самае... Чалавек... Чалавек!.. Га-га-га!

     Пасько падумаў, што робат зусім сапсаваны, і асцярожна выглянуў з-за каменя. Робата ён убачыў адразу. Убачыў яго і робат, бо імгненна ўскінуў руку. Бліснула маланка, і Пасько адчуў, як па скафандру забарабанілі каменныя асколкі. Ад нечаканасці ён падаўся наперад і, страціўшы раўнавагу, распластаўся на адкрытай тэрасе.

     Да робата было метраў пяцьдзесят. не больш. Ён стаяў спакойны, трохі заклапочаны і вельмі ўважліва разглядаў пісталет, з якога імгненне назад вылецеў смертаносны зарад. Побач з магутнай скалой ён выглядаў нікчэмным, нават бездапаможным. Пасько ціхенька, каб не заўважыў робат, выпростваў руку з плазменным нажом. Рызыкаваць больш не хацелася. Пасько вырашыў секануць гэтага механічнага разбойніка па руках.

     Робат, пакруціўшы пісталет, прывычным рухам засунуў яго ў кабуру і павярнуўся да Пасько. Пасько зірнуў і пахаладзеў ад жаху. Праз пластык на яго глядзелі... жывыя вочы. Пастаяўшы з хвіліну, нібы ў роздуме, робат зрабіў крок, другі...

     Пасько ляжаў і думаў, што яму рабіць, бо націснуць кнопку нажа ён ужо чамусьці не адважваўся. А робат, прабегшы трохі, раптам заскакаў на адной назе, выкрыкваючы нешта незразумелае. Потым, крутануўшыся, сарваў шлем скафандра...

     Пасько закрычаў. Гэта быў... чалавек. Бліснулі і замерлі, ашклянеўшы, вар'яцкія вочы. Галава некалькі разоў сутаргава перасмыкнулася, адкрыты рот хапаў яшчэ пустату, а ногі падкасіліся, і тулава асунулася ўніз. Пасько не паспеў нават падхапіцца, як усё скончылася.

     Ён загінуў, забраўшы з сабой тайну гібелі Пунтуса і Марцаліса. Загінуў бессэнсоўна, хаця і перажыў, дзякуючы субсветавой хуткасці зоркалёта, сваю эпоху. Яго смерць з'явілася завяршэннем яго вар'яцтва. Хутчэй за ўсё з каманды таго карабля ён быў апошнім. Пасько дапускаў, што чалавек, страціўшы надзею вярнуцца на Зямлю, можа звар'яцець. Але чаму вар'яцтва набыло такія чалавеканенавісніцкія, крыважэрныя формы? Пасько адчуваў, што не зможа вярнуцца на базу, не высветліўшы гэтай акалічнасці.

     Накрыўка ўваходнага люка зоркалёта была адкінута - яшчэ адно сведчанне гібелі экіпажа. Пасько па трапе падняўся ў дэзакамеру. Пераступіўшы парог, ён апынуўся ў цёмнай кабіне. Пастаяў, нібы праходзіў там дэзінфекцыго, вобмацкам знайшоў дзверцы і перабраўся ў калідор. Аварыйная электрастанцыя, напэўна, ужо таксама не працавала. У калідоры цемра здавалася яшчэ гусцейшай. Пасько пасвяціў ліхтарыкам. Вузкі, доўгі калідор нахіленага зоркалёта крута падымаўся ўгару.

     Трымаючыся за парэнчы, Пасько зрабіў крок і спыніўся. Яму здалося, што ўся шматтонная аграмадзіна зоркалёта быццам заціскала яго шэрымі металічнымі сценамі.

     Святло ліхтара выхоплівала з цемры дзверы кают, якія цягнуліся ўздоўж калідора. Пасько прайшоў да рубкі ў самым носе карабля, адкрываючы адну за другой каюты і не адважваючыся заходзіць у іх.

     Дзверы рубкі былі зачынены. Гэта яго здзівіла. Падумаўшы крыху, ён падняў плазменны нож.

     Чырванаватая нітачка быццам абматала ручку дзвярэй, варухнулася і прапала. Аўтаматычны запор бясшумна вываліўся на падлогу, слізгануў па назе і пакаціўся ўніз, мігаючы апалінай. Пасько націснуў на створкі і ўвайшоў у рубку. Ілюмінатары былі занавешаны няшчыльна. Вузкія палоскі святла ліліся ў памяшканне, ствараючы ўражанне, што ўсе прадметы навокал пярэстыя. Пасько адсунуў фіранкі. У рубцы пасвятлела, на яго патыхнула запусценнем.

     У кутку ляжаў на крэсле скамечаны світэр. На стале і пад сталом былі раскіданы плёнкі, карты, з імі побач - кансервавыя бляшанкі, нейкая ежа... Ходавая рубка, напэўна, была апошнім прыстанішчам апошняга члена экіпажа.

     Кароткі сігнал напомніў, што ў балонах засталося роўна палавіна кіслароду. Гэта вярнула Пасько да рэчаіснасці. Досыць сузірання! Трэба дзейнічаць, і ён падышоў да пульта. Толькі тут яшчэ цеплілася жыццё, самастойнае, незалежнае ад былых гаспадароў. Мігцелі рознакаляровыя індыкатары, дрыжалі стрэлкі на асветленых цыферблатах, жывячыся з нейкай крыніцы энергіі. І не было ім ніякай справы да таго, што ўжо ніхто не паверне стартавы тумблер, не прагучыць па ўсяму зоркалёту прызыўны загад: "Гатоўнасць нумар адзін".

     Перад пультам два крэслы - пілота і штурмана. Пасько сеў на штурманскае. У ім яму здалося больш прывычна, ён нават памацаў некаторыя кнопкі, нібы там у сябе на "Валдаі". Хутчэй выпадкова, чым па натрэніраванасці, трапіў пальцам на патрэбную кнопку. Штурманскі экран раптам засвяціўся. Некалькі секунд на ім чарнела нерухомае неба Бальдара, знаёмае Пасько па нядаўніх назіраннях, потым паплыло, быццам зоркалёт зрушыўся з месца. Адно за другім на экране ўзнікалі невядомыя сузор'і, праз якія цягнулася тонкая сіняватая лінія з мініяцюрным зоркалётам на канцы. Па яго руху Пасько здагадаўся, што кадры з трасай палёту плывуць у адваротным парадку. Цяпер гэта не мела істотнага значэння. Шлях можна было прасачыць.

     Зоркалёт нідзе не рабіў пасадкі, Толькі зусім нямнога не даляцеўшы да сістэмы Сірыуса, ён на нейкі час спыніўся і чамусьці павярнуў назад. Напэўна, здарылася нешта непрадбачанае, калі каманда прыняла такое рашэнне, не выканаўшы задання. Пасько стаў шукаць вахценны дзённік - можа, ён растлумачыць прычыну.

     Гуказапісы назіранняў дзяжурных ён знайшоў у невялікай скрынцы з паліцамі, уманціраванай у сцяну побач з пультам. Дзённік быў звычайны, падобны на тыя, якія здаўна вялі на марскіх, а потым і на касмічных караблях. Дата. Каардынаты. Паказанні прыбораў. І ніводнага слова, якое выказвала б эмоцыі або давала якую-небудзь ацэнку падзеям.

     Павольна круціўся дыск, на розныя галасы паведамляючы амаль адно і тое ж. Пасько слухаў, паступова трацячы ўважлівасць пад уплывам безлічы абстрактных для яго лічбаў і кодаў. І раптам адна фраза вярнула яго да рэчаіснасці. У шлемафоне, падключаным да гуказдымальніка, пачулася нешта новае: "Памёр Майкл. Цяпер нас толькі трое".

     У голасе адчувалася разгубленасць. Пасько паскорыў рух дыска. Праз трыццаць запісаў зноў: "Здаравяк Бент, непахісны Бент не прачнуўся. Не разумею". Пасько стала не па сабе: столькі адчаю было ў гэтых словах. А пазней той самы касманаўт зазначыў: "Непакоіць Ральф. Чаму на планетах павінны быць пачвары ў вобразе чалавека?.. А дадому так далёка".

     Відаць, аўтар запісу быў моцны чалавек. Да канца плёнкі Пасько не пачуў больш ніводнай скаргі. І гэтага моцнага чалавека, мабыць, таксама не стала. Запіс абарваўся, нічога не паведаміўшы пра пасадку. Значыць, выжыў толькі Ральф, той самы звар'яцелы Ральф?

     Пасько ўявіў сябе на месцы Бента і таго, другога, што застаўся з Ральфам сам-насам, і скалануўся. Няўжо іх таксама напаткаў лёс Пунтуса і Марцаліса? Ён паклаў на месца плёнку, зачыніў скрынку і, кінуўшы апошні позірк на пульт, выйшаў з рубкі. Адчуваў, што больш ужо ніколі не зможа вярнуцца сюды. Такое відовішча яму не пад сілу. Але перш чым назаўсёды развітацца з караблём, ён павінен быў пайсці яшчэ на адно выпрабаванне - наведаць каюту Ральфа. Ён не хацеў верыць, што космас можа давесці чалавека да такога стану, і пераканаць сябе ў гэтым яму было надзвычай важна.

     Знайшоўшы замкнёную каюту, Пасько спыніўся, упэўнены, што гэта іменна і ёсць жыллё Ральфа. Невялічкае памяшканне было захламлена. На падлозе кучай ляжалі старыя скафандры, пустыя балоны з-пад кіслароду, світэры касманаўтаў. Быццам Ральф нацягаў іх сюды з усіх кают. Пасько прайшоў да стала - ён, гэты стол, бадай, з усяго і заслугоўваў тут увагі. Гэта нават быў не стол - масіўны, стальны, ён больш нагадваў сейф. Пасько паціснуў плячыма, які ж рэальны сэнс у такім сховішчы на касмічным караблі, дзе жыццё кожнага чалавека адкрыта перад другімі? І ўсё-такі паводзіны Ральфа выяўлялі адсутнасць цвярозага сэнсу. Можа, паміж імі была сувязь? Пасько паспрабаваў адкрыць сейф. Дзверцы не паддаваліся. Ключоў таксама нідзе не было. Відаць, Ральф трымаў іх пры сабе. Пасько паласнуў па стальной сценцы сейфа плазменным промнем.

     Сейф адкрыўся. У левай тумбе ляжалі плёнкі мікрафільмаў. Касмічныя войны, сустрэчы з пачварамі на іншых планетах, нашэсці чужынцаў на Зямлю. Чытаючы гэтыя назвы, Пасько скрывіўся, быццам узяў у рот нешта агіднае. А некалі ж людзі ўсур'ёз ставілі такія фільмы. Але прычынай вар'яцтва яны наўрад ці маглі стаць, нават калі б Ральф глядзеў іх дзень пры дні. Ды наўрад ці для іх захоўвання ўстанаўлівалі на зоркалёце сейф.

     Ля самага верху правай тумбы стала-сейфа Пасько выпадкова намацаў невялікую кнопку. Націснуў і адчуў, што аднекуль з глыбіні тумбы высоўваецца невялікая шуфляда. Ён накіраваў на яе прамень святла і ад здзіўлення ледзь не выпусціў ліхтар. У шуфлядзе ляжаў пісталет. Даўні, такі цяпер на Зямлі сустрэнеш хіба ў музеі: бясшумны, здольны страляць хімічнымі кулямі. Гэтыя кулі, трапіўшы ў ахвяру, выклікалі імгненную смерць, не пакідаючы, аднак, слядоў забойства. Ці не пасля такой кулі не прачнуўся Бент? Інакш навошта было хаваць гэты пісталет ад вачэй экіпажа?

     Пасько пакорпаўся ў паперах, накіданых у шуфлядку, і раптам яму ў рукі трапілася невялічкая кніжачка, пасведчанне, з выціснутымі на вокладцы залацістымі літарамі: "Служба бяспекі".

     Пра тую пару, калі гэты зоркалёт стартаваў у прастору, Пасько ведаў толькі па кнігах. Многае ў паводзінах людзей таго часу яму здавалася дзіўным, невытлумачальным. І вось ён нібы сутыкнуўся з самой гісторыяй, неразумнай, дзікай. Яму стала балюча і крыўдна за тых людзей, што рыхтавалі ў дарогу "Тэхас". Іх мары былі светлымі, шчырымі, і не іх віна, што вынік атрымаўся такі жахлівы. Былі тады, відаць, яшчэ сілы, якія хацелі спыніць новае ў жыцці. Яны не давяралі экіпажу, яны хацелі ад гэтай экспедыцыі мець нейкія свае асобыя выгоды. Таму і паслалі з зоркалётам свайго стаўленіка, даручыўшы, відаць, яму сачыць за ўсімі дзеяннямі экіпажа.

     За час блуканняў у Сусвеце, бо "Тэхас" чамусьці, павярнуўшы ад Сірыуса, абмінуў Зямлю і апынуўся ледзь не ў процілеглым баку прасторы, нешта парушылася ў псіхіцы надзеленага асобымі паўнамоцтвамі Ральфа. Ён паставіў сябе над усімі, і вось вынік...

     Пасько адчуў сябе разгубленым, знясіленым. Напэўна, і Пунтус з Марцалісам таксама не чакалі нічога дрэннага, не ведаючы пра атручаную псіхіку Ральфа.

     Пасько выйшаў з зоркалёта. Яму хацелася як мага хутчэй бегчы адсюль. Але ён яшчэ знайшоў у сабе сілы, каб наладзіць аўтаматычны запор у выхадным люку. І толькі адчуўшы, як уздрыгнуў пад рукой замок, уздыхнуў з палёгкай. Ён яшчэ пахаваў сваіх мёртвых таварышаў. Павагаўшыся, заваліў каменнямі і цела Ральфа.

     Капітан, як і перад адпраўкай Пасько, сядзеў за сталом, стомлены, з яшчэ больш суровым выразам твару. Ён доўга маўчаў, быццам раздумваў - пытаць ці не? Пасько сам сказаў:

     - Абвал...

     - А зоркалёт?

     Адвёўшы вочы ўбок, Пасько адказаў:

     - Загінулі ўсе. - Пасля паўзы дадаў: - Пасадку зрабілі аўтаматы. Дзюзавая частка разбіта.

     Капітан паглядзеў на яго, чакаючы, ці не дадасць ён што яшчэ. Не дачакаўшыся, ціха параіў:

     - Ідзі адпачні. Заўтра старт...

     Пасько падняўся і ўжо з-за плячэй пачуў:

     - Ты прабач мне. Я разумею, гэта нялёгка...

    

... ... ...
Продолжение "Сустрэча" Вы можете прочитать здесь

Читать целиком
Все темы
Добавьте мнение в форум 
 
 
Прочитаные 
 Сустрэча
показать все


Анекдот 
Уpок... Маpь Иванна пишет на доске.
Вдpуг pаздается стук в двеpь и появляется Вовочка.
(МИ) - Сидоpов! Опять опоздал! Что случилось?
(В) - Да я, Маpь Иванна, каpтошку жаpил.
(МИ) - Hу ладно, садись...
Только писать начала, опять стук и заходит Танечка.
(МИ) - Та-аак, а ты, Каpтошкина, где была?
показать все
    Профессиональная разработка и поддержка сайтов Rambler's Top100