Вход    
Логин 
Пароль 
Регистрация  
 
Блоги   
Демотиваторы 
Картинки, приколы 
Книги   
Проза и поэзия 
Старинные 
Приключения 
Фантастика 
История 
Детективы 
Культура 
Научные 
Анекдоты   
Лучшие 
Новые 
Самые короткие 
Рубрикатор 
Персонажи
Новые русские
Студенты
Компьютерные
Вовочка, про школу
Семейные
Армия, милиция, ГАИ
Остальные
Истории   
Лучшие 
Новые 
Самые короткие 
Рубрикатор 
Авто
Армия
Врачи и больные
Дети
Женщины
Животные
Национальности
Отношения
Притчи
Работа
Разное
Семья
Студенты
Стихи   
Лучшие 
Новые 
Самые короткие 
Рубрикатор 
Иронические
Непристойные
Афоризмы   
Лучшие 
Новые 
Самые короткие 
Рефераты   
Безопасность жизнедеятельности 
Биографии 
Биология и химия 
География 
Иностранный язык 
Информатика и программирование 
История 
История техники 
Краткое содержание произведений 
Культура и искусство 
Литература  
Математика 
Медицина и здоровье 
Менеджмент и маркетинг 
Москвоведение 
Музыка 
Наука и техника 
Новейшая история 
Промышленность 
Психология и педагогика 
Реклама 
Религия и мифология 
Сексология 
СМИ 
Физкультура и спорт 
Философия 
Экология 
Экономика 
Юриспруденция 
Языкознание 
Другое 
Новости   
Новости культуры 
 
Рассылка   
e-mail 
Рассылка 'Лучшие анекдоты и афоризмы от IPages'
Главная Поиск Форум

Уладзімір Шыцік - Шыцк - Агеньчык у цемры

Проза и поэзия >> Литература ближнего зарубежья >> Белорусская литература >> Уладзімір Шыцік
Хороший Средний Плохой    Скачать в архиве Скачать 
Читать целиком
Уладзімір Мікалаевіч Шыцік. Агеньчык у цемры

---------------------------------------------------------------------

У.Шыцік. "У час не вярнуліся", "Мастацкая літаратура", Мінск, 1975

OCR & SpellCheck: Zmiy (zmiy@inbox.ru), 20 ліпеня 2003 года

---------------------------------------------------------------------



     Пройдзе час, з зямных касмадромаў возьмуць старт вялізныя зоркалёты і накіруюцца да далёкіх галактык.

     Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным стагоддзі, магчыма, значна пазней. Але наша мара не хоча чакаць, мы ўжо цяпер хочам ведаць, што напаткае бясстрашных астралётчыкаў у бясконцай прасторы. Аб іх прыгодах, лёсе і знаходках расказваецца ў гэтым зборніку фантастычных апавяданняў.


     Можна было чакаць, што адбудзецца землетрасенне, наваліцца снежны буран, урэшце, выпадзе метэарытны дождж. Усё гэта магло здарыцца, хаця, як паказвалі даследаванні, планета была старая і падобныя з'явы, у тым ліку метэарыты, для яе былі надзвычай рэдкія. Але гэта?..

     Скрут заплюшчыў вочы, каб адагнаць прывід. Але калі ён адкрыў іх, то ў начной цемры, якраз пад яркай блакітнай кропкай Сірыуса, што вісеў над самым небасхілам, свяціўся чырванаваты агеньчык.

     Нібы каб падражніць Скрута, ён бліснуў раз, другі, трэці і згас. Скрут прастаяў, напэўна, цэлую гадзіну, чакаючы, ці не з'явіцца гэта чырвоная кропка зноў. Аднак цемра нібы яшчэ больш пагусцела, і ён вобмацкам, не адважваючыся чамусьці запаліць ліхтар, сабраў некалькі каменняў і склаў іх у грудок, каб заўтра, калі развіднее, знайсці гэта месца.

     На планеце зусім не было жыцця. Нават калі б упаў метэарыт, яму не было тут што падпаліць - каменні і пясок не гараць.

     Скрут імкліва павярнуўся ўсім корпусам, азірнуўся. Ззаду была тая ж цёмная і сіняя ноч. Над галавой па-ранейшаму блішчалі спакойныя, нерухомыя зоркі. Скрут уздыхнуў, сцяў зубы і, стараючыся не прыспешваць хады, пайшоў уніз, дзе ля падножжа ўзгорка стаяў яго ўсюдыход.

     Агні ўсюдыхода крыху супакоілі. Скрут сеў, паклаў рукі на пульт. Ён ужо хацеў быў аддаць каманду электроннаму вадзіцелю, як раптам, зусім неспадзявана для сябе, выключыў асвятленне кабіны. Навокал, аднак, нікога не было. Ніхто не стаяў побач і не свідраваў яму патыліцу крыважэрным позіркам. Скрут нахмурыўся, пусціў усюдыход. Але і аддаліўшыся ад таго месца, не ўключыў святла. І ўсю дарогу не мог пазбавіцца ад пачуцця, быццам нехта нябачны плыве побач.

     Вярнуўшыся, Скрут расказаў усё Балашу, Той уздыхнуў. Адзінота, адарванасць ад Зямлі, ад усяго жывога, маглі выклікаць і больш моцныя галюцынацыі. А для Скрута гэта была першая экспедыцыя. І Балаш абыякава сказаў:

     - Аптычны падман...

     Скрут не стаў пярэчыць. Ва ўтульным салоне, у прывычных абставінах яму цяпер і самому пачало здавацца, што ён, відаць, памыліўся. Але пазней раптам устрывожыла думка: а калі памылкі не было?

     - Схадзі, паглядзі яшчэ, - дазволіў Балаш. Убачыўшы, як Скрут перасмыкнуў плячамі, дадаў: - Разам пойдзем.

     На другі дзень грудок, што склаў Скрут, яны знайшлі лёгка. Адсюль, з самага верху ўзгорка, было відаць далёка. Мясцовасць была гарыстая. І ў тым напрамку, дзе ўначы вісеў Сірыус, як ставала вока, таксама цягнуліся скалы, абрывістыя, голыя.

     - Туды не дабрацца, - Балаш сказаў гэта мякка, спачувальна. Ён усё яшчэ думаў, што Скруту гэта прымроілася, і не хацеў яго расчароўваць.

     - Давай пусцім ракету, хай сфатаграфуе той раён. А потым паглядзім здымкі.

     Балаш усміхнуўся:

     - Рабі...

     Праз некаторы час робат даставіў плёнку на ўзгорак. Касманаўты ўважліва прагледзелі яе. Нічога адметнага - той жа каменны хаос.

     - Пачакаем дацямна, - пашкадаваў таварыша Балаш. - Хаця яму зусім не абавязкова бліскаць зноў.

     Агеньчык успыхнуў у той жа час, як і ўчора. Некалькі секунд ён гарэў роўна, потым міргнуў - раз, другі, трэці, быццам нехта падаваў нейкі ўмоўны сігнал, і знік, як растварыўся, у чорнай прасторы. Яны зноў не паспелі зафіксаваць яго прыборамі, удакладніць напрамак - надта неверагодным уявілася яго існаванне. Яны проста ўпэўніліся, што ён ёсць.

     Збянтэжаны Балаш толькі чмыхнуў. А Скрут, не тоячыся, паскардзіўся:

     - Мне страшна, Павел...

     - Баяцца нам няма чаго, - адказаў заклапочаны Балаш, але і сам адчуў сябе ніякавата. - Хутчэй за ўсё гэта нейкі мінерал.

     Ва ўсіх касмічных даведніках планета значылася як пазбаўленая жыцця. Іх даследаванні, назіранні таксама пацвердзілі гэта. І раптам, калі тэрмін іх знаходжання тут падыходзіць к канцу, планета вырашыла падкінуць загадку...

     - Заўтра пайду ў горы, - пасля доўгага роздуму прамовіў Скрут.

     Балаш не адказаў. Ён адчуў за гэтымі словамі маленькую перамогу Скрута над сабой - яму ж бачылася ва ўсім гэтым нешта невытлумачальнае і таму страшнае. Балаш разумеў, што няўпэўненасць Скрута ў сваіх сілах, у сабе, магчыма, ідзе ад вялізнай нервовай напружанасці, перажытай за апошнія гады. У экспедыцыі Скрут быў не самы маладзейшы. Аднак, відаць, справа не ва ўзросце. Іншыя больш мужна пераносілі нягоды і час працяглага вандравання. А Скрут - чалавек занадта ўражлівы, схільны да захапленняў, актыўнай дзейнасці - неўзабаве пасля старту пачаў пакутаваць ад аднастайнасці. Ён не захацеў, каб яго паклалі ў анабіёзную камеру - лічыў недаравальным патраціць марна хоць часцінку свайго жыцця. Але не знайшоў сябе і ў вахценнай камандзе. Праўда, паскардзіцца на тое, як ён выконвае свае абавязкі, сябры не маглі. Проста яны заўважылі, што яшчэ зусім нядаўна няўрымслівы, неспакойны Скрут зрабіўся надта флегматычны. Відаць, прастора аказала адмоўны ўплыў на яго больш, чым на астатніх.

     Калі надышоў час першай разведвальнай вылазкі, таварышы адразу прапанавалі паслаць у яе Скрута. А ў напарнікі яму далі вопытнага Балаша.

     На першым часе здавалася, што да Скрута вярнуўся ранейшы стан. Але рэцыдывы касмічнай хваробы засталіся. Балаш даўно не помніў, каб вось так, сутыкнуўшыся з невядомым, нават пагрозлівым, касманаўты выказвалі боязь. Звычайна было наадварот. Небяспека мабілізоўвала душэўныя сілы, прымушала дзейнічаць. Праўда, і Скрут не хаваўся, нават баючыся. Аднак тут, відаць, справа ў тым, што ён хоча знайсці сябе і таму не хавае сваіх пачуццяў ад таварыша. І, можа, знойдзе, калі адпусціць яго на пошук! агеньчыка. Хай пераканаецца, што гэта хоць і не вядомая пакуль, але ўсяго толькі якая-небудзь звычайная з'ява прыроды.

     Балаш ужо быў гатовы адказаць на словы Скрута згодай, аднак перадумаў. У яго не было ўпэўненасці ў тым, што той агеньчык можна знайсці. Хутчэй за ўсё тут вінаваты які-небудзь крышталь. У пэўны час на яго трапляе зорнае святло, і тады ён пачынае палымнець у начной цемры. Удзень яго, зразумела, не заўважыш.

     Гэта прынясе Скруту расчараванне, пакіне адчуванне, што існуе нешта неразгаданае, разгадаць якое ў яго не стала ўмення. І, магчыма, праз усё жыццё ён пранясе ў сабе пачуццё віны, што мог, але не адкрыў для людзей адну з загадак прыроды. Балаш уздыхнуў і сказаў:

     - У нас вельмі мала часу.

     Балаш не хлусіў. Праз двое сутак надыходзіў найлепшы момант для старту. Толькі ў гэтым выпадку яны здолеюць сустрэцца з экспедыцыяй у вызначаным пункце прасторы. Любое спазненне прывядзе да таго, што прыйдзецца даганяць зоркалёт, а гэта значыць, давядзецца тармазіць, змяняць курс і зноў разганяцца, што не выключае іншых непрадбачаных непрыемнасцей. Здарылася ж у іх вось тут вымушаная пасадка, калі раптам невядома чаму паскорыўся рэжым работы рухавікоў. Сілавое поле планеты яшчэ будуць вывучаць, з гэтага боку некаторыя даследаванні, якія яны правялі, прынясуць карысць. Але зараз галоўнае для іх - вярнуцца назад.

     - У нас два дні, дзве ночы і яшчэ некалькі гадзін, - удакладніў Скрут.

     І гэта была праўда. Нейкі час яны сапраўды мелі, і не было патрэбы, каб Скрут абавязкова знаходзіўся гэтыя дні на караблі. Падумаўшы, Балаш амаль здаўся.

     - Пагаворым раніцай, - паабяцаў ён.

     Світанне прыйшло пахмурнае. Шалёны вецер нёс аднекуль з поўдня хмары дробнага пяску. У гэтай рухомай шэрай мешаніне было гэтак жа цяжка арыентавацца, як і ў тумане.

     - Можа, пачакаем пагоды? - сказаў Балаш.

     - У нас толькі два дні, адна ноч і яшчэ некалькі гадзін, - паўтарыў свае словы Скрут.

     Балаш усміхнуўся і дазволіў выязджаць. Урэшце, лакатары бачаць і ў больш шчыльным асяроддзі.

     Аднак ні Скрут, ні Балаш не ўлічылі адну акалічнасць - у гарах, дзе трэба было шукаць агеньчык, давялося хадзіць пешшу, пакінуўшы ўсе прыборы ў кабіне ўсюдыхода. Скрут вярнуўся ні з чым.

     Пад вечар вецер сціх. Асеў пясок. На пацямнелым небе заблішчалі зоркі.

     - Не бядуй, - суцяшаў Балаш таварыша, - сёння мы яго абавязкова зловім.

     Яшчэ звечара яны расставілі прыборы, настроілі іх. Цяпер, калі з'явіцца агеньчык, яны не толькі даведаюцца напрамак, але і адлегласць да яго з дакладнасцю да аднаго метра. Калі сцямнела, яны занялі пазіцыю на вяршыні ўзгорка.

     Час, здавалася, да неверагоднасці запаволіў свой бег. Яны раз-пораз пазіралі на гадзіннікі, не давяраючы электроннаму сакратару. Але нават секундная стрэлка быццам ператварылася ў мінутную - так мала абаротаў зрабіла яна па круглым цыферблаце.

     Скрут адышоў убок, пакінуўшы Балаша каля прыбораў. Ён хваляваўся і адчуў патрэбу зараз пабыць аднаму. Прысеў на камень. Пасля цэлага дня блуканняў было прыемна выпрастаць стомленыя ногі. Скрут прыхінуўся спіной да скалы, з задавальненнем адчуваючы пад эластычным касцюмам яе зямную цвёрдасць.

     Ноч, перадапошняя для іх на гэтай планеце, нячутна накрыла ўсё навокал. Густую непраглядную цемру не маглі перамагчы ні Млечны Шлях, ні яркі Сірыус, што ў сваёй статычнасці ўяўляўся як намаляваны. І ўсё астатняе было такое ж далёкае ад рэальнасці - нерухомае, нежывое. Адно, што здавалася жывым, гэта тая чырвоная кропка, якая няйначай сігналіла ім аб нечым невядомым і, можа, неабходным для людзей. Хутка яна з'явіцца зноў. Ён даведаецца, дзе яна, і прыйдзе заўтра на тое месца. Чаму ён верыць, што за гэтым агеньчыкам нешта ёсць? А раптам, сапраўды, спадзявацца на нешта незвычайнае можа толькі такі навічок, як ён?

     Ён помніць выпадак, які стаў ужо хрэстаматыйным для многіх пакаленняў вучняў касмічных школ. Некалі два стажоры прыслалі з Марса паведамленне, што сутыкнуліся з рэшткамі невядомай цывілізацыі. На здымках, якія яны перадалі, людзі ўбачылі нешта вельмі падобнае на прылады працы, мудрагелістай формы фігуркі, якія былі або параджэннем фантазіі іх стваральнікаў, або, наадварот, расказвалі аб выглядзе саміх стваральнікаў.

     Гэта была сенсацыя. На Марс адправілі вялікую экспедыцыю. І першае больш-менш дэтальнае абследаванне паказала, што знойдзеныя фігуркі - рэшткі не загінуўшай цывілізацыі, а метэарыта. Трапіўшы ў атмасферу Марса, ён узарваўся, і асколкі, аплавіўшыся, набылі гэтую дзіўную форму.

     Але гэта павінны былі ўстанавіць самі стажоры. Яны не зрабілі гэтага, бо такое ўжо вялікае жаданне ў кожнага маладога касманаўта быць першаадкрывальнікам. Ці не падобны ён нечым на тых стажораў?

     Стала халаднавата. У разрэджанай атмасферы планеты перапады тэмпературы былі вельмі значныя. Скрут уключыў электраабагрэў скафандра. Цяпло разлілося па целе, настройваючы на мірны, разважлівы лад.

     Урэшце ўсё мае свой пачатак і канец. Гэта старая ісціна для Скрута зараз гучала, як адкрыццё. Мінуць яшчэ суткі-другія, і ён зноў будзе на зоркалёце. Забудуцца гэтыя начныя гадзіны напружанага чакання, і пачнуцца гады, абмежаваныя каютай, салонам і абсерваторыяй. Усё аднастайнае, размеранае, будзённае і таму нібы запаволенае, як жыццё ў анабіёзе. Працуюць рухавікі, падтрымліваючы на зоркалёце ўласную сілу прыцяжэння. Лічыльнікі адзначаюць мільёны пройдзеных кіламетраў. А ты не бачыш гэтага руху, не жывеш ім. У ілюмінатарах тая ж чарната, сям-там праткнутая бліскучымі кропкамі. Яна была ўчора, заўчора, месяц назад. Зоркалёт і разам з ім ты нібы вісяце ў прасторы на адным і тым жа месцы. І гэтаму вісенню не відно мяжы. І ўжо не верыш нават у тое, што нешта, меўшае пачатак, будзе мець канец.

     Скрут разумеў усю недарэчнасць сваіх думак. Бачыў, што яны кладуць адбітак на яго паводзіны, перажываў, ловячы трывожныя позіркі таварышаў. І не мог нічога з сабой зрабіць. Яму здавалася, што ён раптам стаў на караблі лішні. У той час, як астатнія працавалі, ён, заняты порканнем у сабе, нічога карыснага не зрабіў. Павольна і марна цяклі яго дні. Нават астранамічныя назіранні, самы ўлюбёны яго занятак, не прыносілі таго задавальнення, якое ён адчуваў, знаходзячыся на пазаатмасферных станцыях Зямлі. Ён складаў карты, добрасумленна, старанна, як курсант касмічнай школы на першым годзе навучання. А ў глыбіні мозгу ўвесь час мільгаў напамін, што гэта, бадай, мог бы зрабіць і аўтамат. Здымкі потым прааналізаваў бы любы спецыяліст. І часам думалася, ці не лепш было быць у анабіёзе?

     Ён узрадаваўся гэтаму разведвальнаму палёту. Сутыкненне з невядомым, хай сабе нежывым светам, - мара кожнага касманаўта. Да таго ж гэта не нерухомасць зоркалёта ў дрэйфе, які, між іншым, нічым не адрозніваецца ад палёту з субсветлавой хуткасцю: адлегласці Сусвету былі большыя за людское ўяўленне прасторы і часу. Але ці будзе ён радавацца, калі вернецца? Ці адолее парсекі, якіх не відаць і якія ўсё ж існуюць, бо выяўляюцца ў бясконцых і нудных гадах? Кажуць, што самы лепшы лекар ад нуды - праца. Увогуле, гэта бясспрэчна. Толькі яму яшчэ трэба, каб праца давала адчувальныя вынікі, каб яна, задавальняючы цябе, знаходзіла водгук у іншых, была карысная.

     Непатрэбнасці людзям ён баяўся больш за ўсё з таго часу, як пачаў задумвацца над сэнсам свайго існавання. Ён спадзяваўся, што іменна тут, у космасе, не толькі нараджаюцца вялікія адкрыцці, але і правяраюцца чалавечыя якасці. І, відаць, пераацаніў сам сябе. Космас аказаўся не скарбонкай, поўнай навуковых адкрыццяў. У першую чаргу - гэта будзённасць і цярпенне, якога ў яго, як аказалася, вельмі мала.

     Ён і зараз, калі засталося ўсяго некалькі хвілін, прыспешвае час. А Балаш зусім спакойны. Балаш навучыўся чакаць - ён ужо двойчы быў у прасторы. На Зямлі мінула стагоддзе. Многіх, з кім Балаш пачынаў, ужо няма. Многіх не застане, калі вернецца адсюль. А скажы, і Балаш яшчэ раз пакіне Зямлю, хоць разам з гэтым ён пакіне апошніх сваіх блізкіх. Балаш не сумуе ў космасе, заўсёды роўны, сабраны - згустак энергіі і разважлівасці. Пэўна, такім і павінен быць мудрэц, які зведаў уладу над сабой і часам.

     Нібы здагадаўшыся, што Скрут думае зараз пра яго, Балаш азваўся:

     - Увага!

     Скрут зірнуў на гадзіннік. Трыццаць секунд, дваццаць... Ён напружыўся і адчуў, што нестае сілы ўстаць на ногі.

     Сігнал электроннага сакратара прагучаў знянацку. Скрут яго чакаў - і ўсё роўна ўздрыгнуў. Потым паміргаў вейкамі, адганяючы насланнё. Пад Сірыусам, як і хвіліну або гадзіну таму назад, была непарушная чарната. Яна рэзала вочы, наганяла слёзы, і не было ў ёй колішняга агеньчыка. Ашаломлены Скрут не варушыўся і ўсё чакаў, чакаў...

     Напэўна, мінула многа часу, калі Балаш нарэшце сказаў:

     - Пойдзем...

     Вяртанне было сумнае. Балаш адключыў электроннага вадзіцеля і сам круціў штурвал усюдыхода, выбіраючы дарогу сярод каменняў. Скрут быў удзячны яму за гэта. Чаму ж не стала агеньчыка, які да гэтага з'яўляўся са здзіўляючай дакладнасцю? А можа, праўда на баку Балаша? З гэтым не хацелася пагаджацца. Скрут думаў, думаў, і яму ўвесь час здавалася, што ён не можа зразумець нешта істотнае, вельмі важнае.

     Скрут заснуў толькі з дапамогай электраўсыпляльніка. Але і ў сне нейкая думка, знаёмая і няўлоўная, свідравала мозг.

     Гэту думку Скрут амаль зразумеў, калі прачнуўся раніцай. У ілюмінатар зоркалёта білі барвовыя промні тутэйшага сонца. У іх святле, як і на Зямлі, кружыліся драбнюткія пылінкі. А ўчора іх не было. Не было, не было...

     Скрут усміхнуўся здагадцы і ўсёй далонню націснуў на кнопку сігналу ўнутранай сувязі:

     - Павел! Павел!

     Дынамік пабудзіў Балаша.

     - Што такое? - запытаўся ён. - Даў бы адаспацца.

     - Гэта не мінерал, Павел! - ужо радасна крычаў Скрут.

     - Ты што, знайшоў яго? - іранічна прамовіў Балаш.

     - Зараз! Зараз! Чакай, я прыйду!

     Праз некалькі секунд Скрут уварваўся ў каюту Балаша і плюхнуўся ў крэсла побач з ложкам.

     - Неба было чыстае? - пытаўся ён у Балаша.

     - Уначы? Чыстае.

     - Але агеньчык не свяціўся?

     - Не.

     - Значыць, гэта... ну тое, што ты называеш мінералам, свеціцца не адлюстраваным святлом якой-небудзь зоркі. За адну ноч, ты гэта ведаеш не горш за мяне, яны не маглі прыкметна пврамясціцца на небе. Яны практычна нерухомыя. Значыць, гэта нешта свяцілася або само па сабе, або дзякуючы нейкай сілкавальнай крыніцы. Першае адпадае, бо інакш мы бачылі б агеньчык учора. Згодзен?

     - Слушна... - Балаш сеў на ложку.

     - Застаецца другое - нешта жывіць той агеньчык. Ёсць нейкая крыніца. Так?

     - Дапусцім.

     - Такой крыніцай можа быць вось што, - Скрут паказаў рукой на вясёлкавы зайчык, які застыў на сцяне. - Учора, дарэчы, увесь дзень было пахмурна.

     - Але ж гэта азначае... - уражаны Балаш не скончыў фразу.

     - Што мы маем, магчыма, справу з нечым падобным на сонечную батарэю. Удзень яна набірае прамяністую або цеплавую энергію. А пасля аддае, - заключыў яго думку Скрут.

     - Смела прыдумана... - зараз Балаш ужо не іранізаваў. Ён адчуў у разважаннях Скрута нейкую праўду. І ён сказаў: - Калі сёння мы ўбачым агеньчык, я затрымаю адлёт. На суткі. Інакш...

     Балаш не дагаварыў. Але Скрут і так ведаў, што ён мог сказаць, і быў вельмі ўдзячны таварышу. Толькі цяпер яго ўжо не мучылі сумненні. Што б там ні хавалася за гэтым агеньчыкам, ён, безумоўна, быў цікавай з'явай чужой прыроды. Вартай, каб з ёй пазнаёміцца бліжэй.

     Скрут не памыліўся. У пэўны час пад Сірыусам засвяцілася чырвоная кропка. Потым яна міргнула тры разы і згасла. Але цяпер яе месца было запеленгавана. І ледзь развіднела, Скрут з Балашам адправіліся да горнага хрыбта. Узброіліся зусім пазямному - альпенштокамі, чаравікамі з вострымі шыпамі. І толькі прыборы, якія маглі дапамагчы ім заўважыць у наваколлі металічныя прадметы, рабілі іх больш падобнымі на геолагаў, чым на альпіністаў.

     Яны ішлі, пераскакваючы расколіны, абходзячы непрыступныя пікі, спускаючыся ў цясніны і ўзбіраючыся на абрывістыя скалы. У зямных умовах яны наўрад ці адолелі б такую дарогу. Але на планеце, меншай за Зямлю, была меншай і іх вага.

     Яны спыніліся адпачыць каля невысокага плато. Там, за пад'ёмам, павінен быць той самы агеньчык. Да яго ўжо рукой падаць.

     Скрут прайшоў некалькі крокаў, выбіраючы зручнае месца, каб прысесці. І ў гэты час заміргаў індыкатар металашукальніка. Недзе блізка быў метал ці паклады руды. Аднак тое, што яны адпавядалі каардынатам агеньчыка, насцярожыла.

     Скрут быў лягчэйшы, і Балаш падсадзіў яго на плато.

     - Кідай мне трос, - папрасіў ён, калі Скрут апынуўся наверсе. Скрут чамусьці не адказваў. Балаш крыкнуў ужо нецярпліва: - Памажы!

     Толькі тады азваўся Скрут. Ён гаварыў шэптам, і Балаш не адразу ўцяміў, што да чаго.

     - Які карабель? - перапытаў ён.

     Не адказваючы, Скрут нахіліўся над абрывам і апусціў трос. Балаш зірнуў уверх і жахнуўся: нават праз пластык гермашлема было відаць, як збялеў твар таварыша. Таропка перабіраючы рукамі, ён імкліва ўзляцеў угару. З плато адкрываўся шырокі краявід. Балаш круціў галавой, дзівячыся, што магло ўразіць Скрута. Ён нічога не заўважаў - тыя ж скалы, што яны бачылі і ўнізе, хіба толькі большыя.

     Тады Скрут нарэшце загаварыў выразна:

     - Глядзі! - і працягнуў руку.

     Балаш зірнуў і ледзь стрымаў вокліч. Там, сярод каменных сцен цясніны, прысыпаны абвалам, ляжаў доўгі сігарападобны корпус зоркалёта. Яны, касманаўты, у гэтым памыліцца не маглі, нават разглядаючы яго здалёк.

     Балаш і Скрут падышлі бліжэй. Зоркалёт быў стары, такія будавалі яшчэ ў пазамінулым стагоддзі. Цяпер гэта была куча металічнага лому.

     - Трэба было б паглядзець усярэдзіне, - сказаў Балаш, пазіраючы на пустыя праёмы дэфармаваных ілюмінатараў і ўваходных люкаў.

     - Наўрад ці знойдзем там што... - адказаў Скрут. - Агонь, як смерч, пранёсся па адсеках.

     Балаш бачыў і сам, што рубка, дзе павінны былі захоўвацца матэрыялы экспедыцыі, ляжала ў баку ад асноўнага корпуса, пачарнелая, сплюшчаная.

     Яны пахадзілі вакол мёртвага гіганта, спрабуючы вызначыць, што гэта за зоркалёт, каб прынесці на Зямлю апошнюю вестку пра яго трагічны лёс. Але і гэтага не было. Корпус аплавіўся, як лядзяш пад веснавым сонцам.

     Яны маўкліва пастаялі крыху і пайшлі назад, уражаныя страшнай карцінай гібелі. І калі адышлі ўжо далёка, Скрут раптам спыніўся.

     - Але што тады свяцілася? - запытаўся ён.

     - Сапраўды, - згадзіўся Балаш і прыпыніўся таксама. - А ты ўпэўнены, што гэта менавіта тут?

     - Не... Хаця агеньчык павінен мець нейкае дачыненне да карабля. Цяпер я ў гэтым не сумняваюся.

     Балаш зірнуў па баках. Горы, скалы, каменні, сярод якіх ужо не відаць і зоркалёта. І зоркі зверху не такія яркія, як уначы, аднак прыкметныя ў разрэджаным атмасферным покрыве планеты.

     - Вазьмі арыенцір, - параіў ён Скруту, які таксама спрабаваў нешта ўбачыць у наваколлі.

     Скрут здзіўлена сказаў:

     - Гэта ўбаку, бадай, з кіламетр...

     - Пойдзем хутчэй, - адказаў Балаш. - Баюся, не паспеем дацямна.

     Дарога была пакручастая. Мінула яшчэ з паўгадзіны, калі Балаш сказаў:

     - Недзе тут.

     Каменны гушчар, здалося, стаў яшчэ больш непраходны. Наўрад ці можна было ў ім што заўважыць, і Скрут недаверліва спытаў:

     - Тут?

     На гэты раз яны не памыліліся. Выпадкова зірнуўшы на вяршыню абрывістай, быццам ссечанай, скалы, Балаш ускрыкнуў. Там было нешта падобнае на пячору. Уваход, нібыта зашклёны, цьмяна пабліскваў, адлюстроўваючы скупыя барвовыя промні надвячоркавага свяціла.

     Спатрэбілася яшчэ з паўгадзіны, пакуль Балаш са Скрутам дабрылі да месца, ад якога можна было дабрацца да пячоры. Угару вяла вузкая палоска, параўнаўча чыстая ад завалаў і, здавалася, сям-там падпраўленая - на схіле былі нібы вырубленыя ў скалах прыступкі. Моўчкі людзі лезлі на гару. А ёй не было канца.

     Пячора адкрылася раптоўна - дарога вывела Скрута і Балаша на невялікую пляцоўку перад уваходам у яе.

     - Будан... - шапнуў Скрут.

     - Сакля... - сказаў Балаш.

     Перад імі стаяла сцяна. Гладкая і роўная, авальнай формы, яна паблісквала адлюстраваным святлом, нібы адшліфаваны агат.

     Стомленыя крутой дарогай, людзі стаялі перад дзіўнай пабудовай, не разумеючы, што гэта.

     - Маяк, - выказаў здагадку Скрут.

     - Для каго? - Балаш ва ўсім хацеў бачыць сэнс.

     Менавіта ў маяку ён яго не ўбачыў. Ён паўтарыў пытанне: - Для каго? Да карабля не меней кіламетра, і яго не відно адсюль. Хто ставіць знакі, якія нічога не гавораць?

     - Можа маяк быў пастаўлены кімсьці раней? Астралётчыкі заўважылі яго сігналы, павялі сюды зоркалёт І неспадзявана трапілі ў аварыю. Думаю, гэта слушна.

     - Хутчэй рамантычна. А слушна?.. - Балаш паківаў галавой. - Нагадвае стары касмічны дэтэктыў.

     Звычайна нешматслоўны, Балаш раптам зрабіўся гаваркі. Скрут са здзіўленнем адзначыў гэтую перамену ў паводзінах таварыша. Відаць, і яго знаходка вывела з раўнавагі.

     - Што гадаць, - Скрут пастукаў па чорнай сцяне кулаком, насцярожана прыслухаўся, недаверліва паглядзеў на сваю руку, якая ў пальчатцы скафандра выглядала тоўстай і кароткай, і няўпэўнена сказаў: - Пустата.

     Балаш падышоў да сцяны, сам пастукаў.

     - Будзем ламаць? - запытаўся Скрут.

     - Зламаць проста. А што там? Хто рабіў, навошта? Ты можаш мне сказаць? Не? Дык ці маем мы права разбураць?

     Скрут адчуў, што логіка Балаша пачала яго раздражняць. Калі так думаць, то нельга нават на чужыя планеты апускацца. Раптам што пашкодзіш. І, стрымліваючы злосць, Скрут павольна, стараючыся таксама быць лагічным, загаварыў:

     - Маем. Маем права. На планеце няма жыцця. Толькі рэшткі зямнога зоркалёта. Гэтая сцяна мае да яго нейкае дачыненне. Калі гэта нават чужы маяк, то ён мог паслужыць прычынай гібелі зямлян. Мы проста абавязаны даведацца, што гэта такое!

     Балаш слухаў не пярэчачы. Калі Скрут скончыў, ён, згаджаючыся, сказаў:

     - Адыдзі, схавайся.

     - Давай я, - запратэставаў Скрут. - Табе весці планеталёт. І ўрэшце... Я заўважыў агеньчык.

     - Права першаадкрывальніка? - усміхнуўся Балаш. - Згодзен.

     Сцяна сапраўды аказалася шкляная. Толькі шкло было спецыяльнае. Цвёрдае, трывалае, здольнае вытрымаць моцны ўдар. Ультрагукавым нажом Скрут выразаў праход і прасунуў галаву. Ужо наступіў вечар, і ў сярэдзіне пячоры панаваў змрок. Скрут пакруціў галавой. Зазначыў, што праз гэта шкло праменні святла ідуць толькі ў адным напрамку - знутры, і калі вочы прывыклі, ён у дальнім кутку заўважыў нейкае ўзвышэнне. А на ім... У Скрута моцна забілася сэрца.

     - Балаш, - паклікаў ён сябра і ўвайшоў у пячору.

     Ён не памыліўся. Гэта было ложа, а на ім у скафандры ляжаў... чалавек. Ён быў нежывы і, відаць, даўно. Скрут памкнуўся быў расшпіліць скафандр на чалавеку. Балаш спыніў яго:

     - Не трэба...

     Скрут падумаў, што сапраўды гэтаму зямляніну ўжо нічым не дапаможаш. Ён пастаяў, патрымаў руку на яго плячы, нібы развітваючыся назаўсёды, і пайшоў аглядаць пячору.

     Стала ўжо зусім цёмна. Балаш уключыў ліхтар.

     Пячора была амаль пустая. Няроўныя каменныя сцены, такі ж каменны ложак. Побач нешта падобнае на стол. Сям-там Скрут заўважыў раскіданы інструмент, дэталі, вузлы прыбораў, машын.

     - Тут павінна быць сховішча... - уголас падумаў ён.

     - Так... - згадзіўся Балаш. - Чалавек пражыў у пячоры нямала. Ён недзе трымаў свае прыпасы. Яшчэ павінна быць недзе рэгенерацыйная ўстаноўка. Без яе ён доўга не вытрымаў бы.

     Сховішча было побач з ложкам. Знайшоўшы яго, Балаш зноў падышоў да зямляніна. Доўга-доўга стаяў над ім, потым працягнуў руку і дакрануўся да яго ног. Пад нячуткімі ад таўшчыні ахоўнага касцюма пальцамі аказалася пустата. Балаш адышоў і доўга глядзеў праз празрыстую адсюль сцяну ў чорную ноч. Потым, не абарочваючыся, папрасіў:

     - Пашукай... Павінны быць дзённікі.

     Скрут не здагадаўся, што так уразіла таварыша, і, аглядаючы нішы, раз-пораз кідаў на яго няўцямныя позіркі.

     - Вось, - нарэшце знайшоў ён касеты з крышталікамі, на якіх касманаўты звычайна запісвалі ўсё, што лічылі вартым увагі.

     Скрут патрымаў іх у руках, нібы ўзважваючы, яшчэ раз зазірнуў у нішы і закуткі пячоры і спытаў:

     - Пачытаем на караблі?

     - Тут, - адрывіста кінуў Балаш.

     Скрут здзівіўся незвычайнай суровасці, якая прагучала ў яго голасе. Але згадзіўся і сеў на камень, які, напэўна, некалі служыў гаспадару сталом. Потым уставіў крышталікі ў гуказдымальнік, які за ммога дзесяцігоддзяў істотна не змяніў сваёй канструкцыі, падключыў рацыю, каб можна было чуць запіс у шлемафонах, і сказаў:

     - Гатова...

     Толькі тады Балаш павярнуўся да святла - рэзкі, рашучы.

     - Уключай! - загадаў ён і пайшоў да ложка. Так і стаяў ён увесь час, пакуль зямлянін няспешна расказваў пра сваё жыццё.

     А ў Скрута не хапіла адвагі стаць побач з ім - ён не мог глядзець на рэшткі гэтага чалавека, чый раздумны голас прыглушана і павольна гучаў у шлемафоне.

     Невыносна замаруджана цяклі мінуты, раскрываючы вялікую трагедыю зоркалёта і таго, хто застаўся адзін з вялікага экіпажа.

     "...Перада мной выбар, - нібы раячыся з субяседнікам, гаварыў астралётчык, - памерці зараз ці паспрабаваць жыць... Я не агаварыўся. Іменна - паспрабаваць. Гэта жыццё не прынясе мне радасці. Я не змагу калі-небудзь вярнуцца на Зямлю. Пра мяне, напэўна, ніколі ніхто нават не даведаецца - наўрад ці які карабель забрыдзе ў гэты раён. Я не змагу нават выбрацца з пячоры - косці абедзвюх ног раструшчаны ў час катастрофы. Я не магу сам сабе зрабіць аперацыю, бо калі змог бы вытрываць боль, то трэба мець яшчэ герметычную камеру - яе таксама няма. Такім чынам мая будучыня - адзінота, нерухомасць, безнадзейнасць. Але я не прымаю смерць. Пакуль я магу - я павінен жыць. Не таму, што інстынкт мацнейшы за волю і я чапляюся за жыццё. Я павінен жыць, бо я - чалавек, і ў мяне яшчэ дзейнічае мозг..."

     Скрут слухаў і ўяўляў сабе разбіты выбухам зоркалёт, мёртвую планету і адзінокага скалечанага чалавека, якому шчаслівы, а хутчэй нешчаслівы выпадак падараваў жыццё і якому належала пакутаваць ад бездапаможнасці і бяссілля доўгія-доўгія дні, месяцы, гады.

     Ці можа такое вытрымаць чалавек? Скрут не таіўся перад сабой. Для яго гэта была не проста цікаўнасць. Ён ніколі не забываў, як гняла яго абмежаванасць прасторы ў зоркалёце. Яна была нішто ў параўнанні з прасторай Сусвету. І ў гэтай неадпаведнасці яму бачылася нешта ненатуральнае, варожае чалавеку. Гэта прыгнятала. Скрут разумеў свой стан і нічога не мог з сабой зрабіць. Але яму было лягчэй. З ім заўсёды знаходзіліся таварышы з дзяжурнай змены, яго ахоўвала моц магутнага зоркалёта. Дзе браў стойкасць гэты касманаўт? Што надавала яму сілы? Адчуванне чалавечай годнасці? Але ж пра гэта і Скрут ніколі не забываў...

     "Ох, як гэта невыносна, калі дзейнічае мозг. Раней мне здавалася гэта шчасцем, а зараз мне часам хочацца пашукаць нейкую там кнопку, каб хоць на імгненне выключыць мозг, забыцца і пазбыцца свайго становішча".

    

... ... ...
Продолжение "Агеньчык у цемры" Вы можете прочитать здесь

Читать целиком
Все темы
Добавьте мнение в форум 
 
 
Прочитаные 
 Агеньчык у цемры
показать все


Анекдот 
пришли как-то Иа, винни-пух, и пятачок к кролику, а у него на столе кости обглоданные на тарелке валяются. Иа спросил, чьи кости- свиньи-ответил кролик. через 2 часа: винни-кролику: "хорошо посидели, только Пятачок рано ушел" (на столе до сих пор валялись обглоданные кости).
показать все
    Профессиональная разработка и поддержка сайтов Rambler's Top100